НЕАПАЛІТА́НСКАЕ КАРАЛЕ́ЎСТВА,

дзяржава ў Паўд. Італіі ў 1282—1815. Вылучылася ў 1282 з Сіцылійскага каралеўства пасля таго, як Карл Анжуйскі (гл. Анжуйская дынастыя) страціў Сіцылію. Сталіца каралеўства — г. Неапаль. Дасягнула магутнасці ў часы праўлення Роберта [1309—43], які ўзначаліў італьян. гвельфаў (гл. Гвельфы і гібеліны). У выніку жорсткай барацьбы за прастол у Н.к. ўсталявалася малодшае венг. адгалінаванне Анжуйскай дынастыі [1382—1435], Пастаянныя войны з Сіцыліяй і ўнутр. ўсобіцы аслаблялі каралеўскую ўладу. У 1442—43 дзяржаву заваяваў кароль Арагона і Сіцыліі Альфонс V (у Н.к. — Альфонс I), заснавальнік у Н.к. Арагонскай дынастыі [1442—1501]. У выніку Італьян. войнаў 1494—1559 Н.к. — уладанне (з 1504) Іспаніі, разам з Сіцыліяй утварыла Сіцылій абедзвюх Каралеўства. Эканам. заняпад дзяржавы (асабліва гарадоў), падатковы ўціск з боку іспанцаў выклікалі ў 16—17 ст. у Н.к. шматлікія паўстанні. Пасля нядоўгага аўстр. праўлення (з 1707, фармальна ў 1714—35) пад уладай ісп. Бурбонаў. У 1805 акупіраваны франц. войскамі Напалеона I, кіравалі ген. Ж.Банапарт (1806—08) і І.Мюрат (1808—15). Пасля разгрому Напалеона зноў у Каралеўстве абедзвюх Сіцылій; з 1860 у складзе аб’яднанага Італьян. каралеўства.

т. 11, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)